Сакрамэнт Хросту

Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца – будзе збаўлены.” (Мц 28,19; Мк 16, 16)

Гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамэнтаў – сакрамэнт Святога Хросту. Толькі пасля прыняцця Хросту мы можам прымаць іншыя сакрамэнты. Праз Святы Хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе правіны, учыненыя да хрышчэння, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця дзяцей Божых. Акрамя таго, праз хрост людзі далучаюцца да супольнасці люду Божага – Касцёла.

Хрост – гэта толькі пачатак, фундамент, які патрабуе далейшага развіцця. Брама пераходу да Таямніцы хрысціянскай веры і да жыцця паводле прынятай веры. Клапаціцца пра гэта – абавязак бацькоў, хросных і самога ахрышчанага.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1210 – 1284
Кодэкс кананічнага права: 849 – 878
Перад сакрамэнтам Хросту трэба:
1
Выбраць імя. Пажадана, каб імя, якое даецца пры хрышчэнні, было імем святога або святой, каб ахрышчаны меў свайго заступніка перад Богам і прыклад для наследвання.
2
Звярнуцца да святара, які служыць у парафіі.
3
Для таго каб прыняць Хрост дарослая асоба павінна прайсці падрыхтоўку. Каб пахрысціць дзіця бацькі павінны прыйсці на сустрэчу, на якой адбудзецца катэхэза пра сутнасць сакрамэнту Хросту і абрад яго ўдзялення.
4
Вызначыць дату і час. Найлепей, каб Хрост адбываўся на нядзельнай Святой Імшы ў прысутнасці іншых вернікаў. Але, таксама дазваляецца прыняцце Хросту як па-за Святой Імшой, так і ў буднія дні.
5
Прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.
Пажадана, каб хросныя бацькі былі каталіцкага веравызнання (адзін з хросных абавязкова павінен быць католікам!).