Сакрамэнт намашчэння хворых з'яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: “Нехта сярод Вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае. Нехта з вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітараў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго; і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму. Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага” (nap. Як 5, 13-16).
Вернікі могуць прымаць гэты сакрамэнт ужо тады, калі ім пагражае смерць з прычыны хваробы альбо старасці. Намашчэнне можна паўтарыць у той самай хваробе, калі стан хворага пагаршаецца. Гэты сакрамэнт можна ўдзяліць перад аперацыяй, калі прычынай аперацыі з'яўляецца небяспечная хвароба. Старэйшым асобам са слабым здароўем можна ўдзяліць намашчэнне, нават калі няма яўнай небяспечнай хваробы. Гэты сакрамэнт удзяляецца таксама і хворым дзецям. Людзям непрытомным альбо псіхічна хворым гэты сакрамэнт удзяляецца тады, калі ёсць падставы сцвярджаць, што як веруючыя яны жадалі б гэтага. Новыя абрады з 1972 г. прадугледжваюць удзяленне сакрамэнту намашчэння групе вернікаў у шпіталях альбо ў касцёле (напр., у Міжнародны дзень хворых - 11 лютага). Звычайна сакрамэнт намашчэння хворых спалучаецца з удзяленнем сакрамэнту паяднання і Святой Камуніяй. Родныя, а часам і суседзі абавязаны па-хрысціянску паклапаціцца пра тое, каб хворы мог скарыстаць з дару святых сакрамэнтаў. Час хваробы, старасці, цярпення - гэта выпрабаванне нашай чалавечнасці і нашай веры. У гэты час мы асабліва чакаем Божай дапамогі, каб свядома і ў духу надпрыроднай веры і любові з'яднаць сваё цярпенне і смерць з цярпеннем Хрыста, каб цалкам з Ім удзельнічаць у змёртвыхпаўстанні і хвале.