Гісторыя каталіцтва ў Полацку
Распаўсюджванне каталіцтва ад пачатка XV стагоддзя
Распаўсюджванне каталіцтва ў Полацку пачалося з 1-й паловы 15 ст., калі ў 1406 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт дазволіў пабудаць касцёл (Рыжскі касцёл). Першымі каталіцкімі манахамі, якія пачалі сваю місіянерскую манастырскую дзейнасць сярод праваслаўнага насельніцтва Полацка, сталі бернардзінцы. Назва гэтага манаскага ордэна паходзіла ад імя рэфарматара Бернарда Сіенскага. На Беларусь манахі-бернардзіны прыйшлі з Польшчы ў 2-й палове 15 ст., а ў Полацку з'явіліся ў 1498 г. па запрашэнню вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, які даў ім свой прывілей i частку горада над ракой Палатой. Бернардзінцы павінны былі пабудаваць свой касцёл i кляштар, а таксама ўсё, што патрэбна для ix жыццядзейнасці. З'яўленне бернардзінцаў у Полацку таксама непарыўна звязана з наданнем Полацку магдэбургскага права 7 кастрычніка 1498 г. У тым жа прывілеі Полацкім бернардзінцам вялікі князь адзначаў, што пасяляе ix тут не толькі са згоды Віленскага бicкупа i яго капітулы, не толькi паводле парады прэлатаў Вялікага княства Літоўскага, але, «асабліва ж звыш таго, — са згоды ўcix pycкiх, падданых нашых, шляхты i паспольства Полацкай вобласці». Можна меркаваць, што пасяленне ў Полацку бернардзінцаў было ўмовай (i, магчыма, не адзінай), на якой Аляксандр пагаджаўся надаць гораду права на самакіраванне. Запрашэнне ў Полацк менавіта бернардзінцаў мела свае прычыны. Па-першае, манахаў гэтага ордэна добра ведалі ў княстве. Па-другое, насельніцтва з вялікай павагай ставілася да братоў-бернардзінаў. Пра гэта ў 1468 г. пicaў да папы рымскага Паўла II кароль польскі i вялікі князь літоўскі Казімір, які «быў дужа прыхільны бернардзінам». Але самым галоўным з'яўлялася тое, што, у адрозненне ад царкоўнай каталіцкай iepapxii ВКЛ, якая выступала за перахрышчванне тых праваслаўных, што пагаджаліся прыняць вяршынства папы i ўступіць у ўнію з Рымам, бернардзінцы, спасылаючыся на адпаведныя рашэнні Ферара-Фларэнційскага сабора i пазнейшыя папскія пасланні, сцвярджалі, што ахрышчваць нанова неабавязкова. Такая пазіцыя бернардінцаў была больш прымальнай для праваслаўных, некаторыя з якіх, як паведамляла була папы Аляксандра IV ад 23 жніўня 1501 г., «хочуць прыняць унію, але катэгарычна адмаўляюцца перахрышчвацца. I гэта поўнасцю зразумела: прыняць хрышчэнне ў другі раз — значыла прызнаць, што дасюль ты быў неахрышчаным, г.зн., паганцам, а такога не захоча зрабіць ніводны хрысціянін».
Полацкі кляштар бернардзінцаў існаваў 1498—1832 гг. Быў заснаваны пры ўпадзенні Палаты ў Заходнюю Дзвіну. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пачатковую адукацыю Ф.Скарына. Касцёл кляштара пабудаваны з дрэва ў 1502 г., спалены ў 1563 г. ў час Лівонскай вайны i захопу Полацка войскамі Івана IV. Пяць манахаў-бернардзінцаў былі забіты, маёмасць кляштара перайшла да праваслаўных. У 1696 г. ваявода Д.Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк. Пасля яго смерці ахвяраванні на будаўніцтва кляштара рабілі Буйніцкія–падчашыя Полацкага ваяводства. Пасля пажару 1758 г. быў пабудаваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769 г.) і жылы корпус. У 1772 г. ў кляштары працавала школа філасофіі. У 1832 г. кляштар зачынены, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву (Іаана Багаслова, пашкоджана ў 1930-я гады). У будынку былога жылога корпуса цяпер размешчана Полацкая псіхіятрычная бальніца.

Пасля вызвалення горада падчас Лiвонскай вайны 1558-83 Стэфан Баторый звярнуўся да рэктара Вiленскай езуiцкай акадэмii Пятра Скаргi з прапановай аб неадкладным стварэннi ў Полацку езуiцкай мiсii. Езуітам былі перададзены праваслаўныя цэрквы і манастыры з маёмасцю (акрамя Богаяўленскага манастыра). Яны пабудавалі на старажытным гандлевым пляцы драўляны касцел і першы будынак калегіуму.

У 1600 годзе езуіты пабудавалі новы касцёл пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу 17-18 стагоддзяў святыня некалькі разоў была спалена (1633, 1655, 1733), але кожны раз адбудоўвалася. 15 жніжўня 1745 г. касцёл быў кансэкраваны біскупам Аляксандрам Казімірам Гарайнам.


Пасьля захопу Полацка маскоўскім войскам у часы Крывавага Патопу 1654-67, касцел, як і горад увогуле, быў зруйнаваны, а каталікі вымушаныя былi пакінуць горад. Пасля вызваленьня Полацка i вяртаньня каталiцкiх супольнасцяў, яны зноў атрымалі адабраныя ў іх землі і пачалi аднаўляць свае храмы.

Новы мураваны езуiцкi касцёл у Полацку ў гонар Стэфана Баторыя, вызваленцы Полацка, пачалi узводзiць на старых падмурках. Яго будаўнiцтва ў 1733-1735 гг. пачалось пад кiраўнiцтвам Казiмiра Мецелакоўскага, якi раней выкладаў у полацкiм калегiуме, і каменных спраў майстра, баварца Бенедыкта Месмера.

У 1745 г. касцёл быў асвячоны пад тытулам св. Стэфана. Ён з'яўляўся высотнай дамiнантай усёй забудовы горада — вежы уздымалiся на вышыню каля 50 м.
Пасля пажара 1750 г., які знішчыў большасць драўляных пабудоў калегіума, пачалося будаўнiцтва мураваных карпусоў. Яно працягвалася і пасля далучэння горада да Расейскай Імперыіі у вынiку першага падзелу Рэчы Паспалiтай (1772), i пасля роспуску ордэна езуітаў "на вечныя часы" папай Клімэнтам ХIV (1773).

Кацярына ІІ узяла езуітаў пад сваю апеку з мэтай выкарыстаньня іх ведаў для імперыі. Езуіты маглі весці актыўную дзейнасць і ажыцьцяўляць свае будаўнiцтва.

Пасля скасавання Віленскай акадэміі езуітаў цэнтрам ордэна стала Полацкая калегія, дзе знаходзіўся генерал Ордэну альбо яго намеснік. У 1812 г. калегія была ператворана ў езуіцкую акадэмію навук з правамі ўніверсытэта і наданні ёй права кантраляваць не толькі езуіцкія навучальныя установы, але і ўстановы іншых каталіцкіх абшчын.

Пасля высылкі езуітаў манастырскі комплекс быў перададзены ордэну піяраў з умовай захаваць тут навучальную ўстанову. Але пасля паўстання 1830 і піяры вымушаныя былі пакінуць Полацк, і ў 1836 г. у будынках полацкага калегіума размясцілася вайсковая навучальная ўстанова — кадэцкі корпус, а касцёл ў лютым 1833 г. быў перададзены РПЦ.


Пасля ўстанаўлення савецкай улады сабор быў зачынены i неўзабаве пачалося сістэматычнае яго разбурэнне. У 1936 г. былі разабраныя два верхніх яруса абедзвюх званіц храма, пры гэтым былі знішчаныя унікальныя гадзіннiкi з боем. На пакінутых ніжніх ярусах званіцы замацавалі гіганцкі партрэт І. Сталіна.
Падчас акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны ў храме праводзіліся набажэнствы. Храм без значных пашкоджаньняў перанёс бамбаваньне авіяцыяй i артылерыяй абодвух ваюючых бакоў. Але наступстваў "вайны з рэлiгiяй" не вытрымаў.

На пачатку студзеня 1964 г. былая езуiцкая святыня была ўзарвана. На месцы храма ў 1976-1979 гг. быў пабудаваны шматпавярховы дом, празваны з-за сваiх адметнасьцяў "домам з вушамi". У будынках калегіума, пасля рэстаўрацыі захаваўшыхся карпусоў, размяшчаюцца факультэты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Базыльяне, супольнасць манахаў, якія жылі па правілах, распрацаваных св. Васілём Вялікім у 4 ст. (назва ад імя Базыль), з'явіліся на тэрыторыі Беларусі з прыняццем хрысціянства. Супольнасць склалася ў Візантыі; з 13 ст. ордэн дзейнічаў як каталіцкі. У 1617 г. мітрапаліт І.Руцкі распрацаваў статут новага ордэна базыльянаў (уніяцкага) на аснове правіл св. Васіля на ўзор статутаў каталіцкіх манаскіх ордэнаў. У стварэнні і станаўленні ордэна актыўны ўдзел прымаў І.Кунцэвіч (з 1618 г. полацкі архіепіскап). Ён заснаваў у Полацку кляштар базыльянак (на Замку пры Сафійскім саборы) і запрасіў з Вільні некалькі манахінь, надаў ім фундуш. Пры кляштары была адчынена школа для дзяўчынак. Паводле звестак Касцельнай энцыклапедыі, выдадзенай у Варшаве ў пачатку 20 ст., першыя манашкі-базыльянкі з'явіліся ў Полацку значна раней. Да 1563 г. яны жылі ў старажытным Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. Перад пачаткам аблогі Полацка войскамі Івана Грознага манашкі пакінулі манастыр, які ў 1582 г. граматай Стэфана Баторыя быў перададзены езуітам. Пасля забойства І.Кунцэвіча ў 1623 г., у Полацку пры Сафійскім саборы пасяліліся базыльяне-манахі. 3 1654 па 1667 г. яны былі вымушаны пакінуць сабор, вярнуліся ў 1668 г. У асвеце уніятаў базыльяне мелі, бадай, не меншыя заслугі, чым езуіты ў католікаў. Яны не толькі вучылі дзяцей на іх роднай мове, але і друкавалі царкоўную літаратуру. У Полацку ордэну належаў Барысаглебскі манастыр. У 1699—1708 гг. архімандрытам манастыра быў Л.Кішка, які з 1703 г. адначасова ўзначальваў ордэн базыльян (да 1713). Базыльяне судзіліся з езуітамі за крыж святой Ефрасінні Полацкай і не аддалі святыню з Сафійскага сабора. У 1705 г. полацкія базыльяне атрымалі ад Пятра I дазвол праводзіць свае набажэнствы і былі вызвалены ад усіх павіннасцей. У 1839 г. кляштар базыльянак быў зачынены. Будынак былога базыльянскага кляштара разбураны ў 1930-я гады.

У 1648 г. (паводле іншых звестак у 1628) полацкі войскі К.Храпавіцкі і яго жонка Т.Друцкая-Любецкая надалі фундуш на будаўніцтва ў Полацку касцёла і кляштара ордэна францысканцаў. Першыя 2 францысканскія касцёлы былі пабудаваны з дрэва. У 1763—75 гг. узведзены мураваны касцёл Св. Антонія, трохнефавы храм з двухвежавым фасадам (у інтэр'еры 7 алтароў).
У 1825 г. ў кляштары жылі 4 францысканцы, якімі кіраваў Е.Карчынскі. У 1832 г. кляштар быў зачынены і ператвораны ў царкву; пасля 1917 г. разбураны, на яго месцы пабудаваны двухпавярховы будынак з частковым выкарыстаннем сцен і сутарэнняў, на фасадах былі паўтораны архітэктурныя дэталі жылога корпуса. У Другую сусветную вайну будынак, узведзены на месцы касцёла быў разбураны.

У 1671 г. віленскі прэлат Крыштаф Тамаш Гірскі (Гурскі) фундаваў будаўніцтва ў Полацку кляштара дамініканцаў, каталіцкага жабрацкага ордэна братоў-прапаведнікаў (створаны ў пачатку 13 ст.). Назва ордэна паходзіць ад імя заснавальніка іспанца Дамініка дэ Гусмана. У Полацку Т.Гірскі ахвяраваў ордэну 12 тыс. злотых для манахаў, 1 тыс. злотых на будаўніцтва касцёла і інш. Драўляны касцёл Св. Дамініка згарэў у 1754 г. Новы кляштар і касцёл былі пабудаваны ў 1810 г. намаганнямі прыёра Д.Цяшэўскага. Пасля 1832 г. за дамініканцамі адбыўся прыход піяраў. У 1865 г. кляштар зачынілі.
Пасля ліквідацыі ў 19 ст. каталіцкіх кляштараў і перадачы іх касцёлаў пад праваслаўныя цэрквы “падамініканскі” касцёл Маці Божай Ружанцовай застаўся адзінай у горадзе каталіцкай святыняй. У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У Другую сусветную вайну касьцёл і кляштар атрымалі пашкоджаньні. Да канца 1940-х гадоў савецкімі ўладамі касцёл быў знішчаны цалкам.