Гісторыя парафіі і касцёла св.Андрэя Баболі ў Полацку
Гісторыя рэгістрацыі парафіі, будаўніцтва і кансэкрацыі нашай святыні
Доўгі час у Полацку не было касцёла, які б належыў каталіцкай супольнасці, і таму вернікі збіраліся на ўласных кватэрах, дамах, маліліся пад дзвярамі Сафійскага Сабора, у памяшканні Госстраха, або даяжджалі ў суседнія капліцы, дзе і ўдзельнічалі ў набажэнствах.

Рымска-каталіцкая парафія ў г. Полацку была створана ў 1989 годзе. Дзяржаўную рэгістрацыю атрымала 30 мая 1990 года. Яе прыналежнасць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла, згодна з запісам у Статуце, была зацверджана 8 снежня 1991 года Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёскім кардыналам Казімірам Свёнтэкам.
З 1990 года вернікамі Полацка і Наваполацка апекаваўся айцец Януш Скэнчэк ОР.

1 лістапада 1992 года ўладамі горада каталіцкім вернікам афіцыйна быў перададзены будынак кінатэатру “Юбілейны”.

1 снежня 1992 года кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў ксяндза Францішка Кіселя пробашчам Полацкай парафіі.

Пасля Вялікадня 1994 года пачаліся першыя працы ў будаўніцтве касцёла, якія ўзначаліў А. Арлянковіч. Праект касцёла распрацаваў архітэктар В.А. Папруга.
Вялікую роль у будаўніцтве Полацкай святыні адыграў ксёндз Хайнц Рындэрспахер, пробашч парафіі Святога Пятра Канізіуса ў горадзе-пабраціме Фрыдрыхсхафене.
Дзякуючы нямецкаму бізнэсмэну Карлу Фрэнкелю ў Касцёле з’явіўся арган (24 рэгістра), які ўстанавілі польскія майстры на чале з Я. Драздовічам, была праведзена электрычная праводка, закуплены лаўкі, узведзены алтар. Таксама Карл Фрэнкель падараваў Полацкаму касцёлу звон імя Святой Тэрэзы з Калькуты, які важыць 800 кілаграм, абыходзіцца без званара, механізм быў таксама прывезены з Германіі ў 1996 годзе.
20 верасня 1997 года адбылася кансэкрацыя касцёла. На кансэкрацыі прысутнічалі ўлады горада на чале з мэрам Хомічам К., дэлегацыя з Германіі на чале з ксяндзом Хайнцам Рындэрспахерам, а таксама Карл Фрэнкель. Кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў святыню пад тытулам Святога Андрэя Баболі.
Унутраны інтэр’ер касцёла, а таксама уваходную браму распрацаваў і зпраектаваў Валер’ян Янушкевіч. Ён выканаў абраз Маці Божай, які зараз знаходзіцца ў галоўным алтары, крыж на ўваходзе з нагоды юбілейнага 2000 года, зрабіў барэльефы «Пакутнікі за веру» на ўваходных дзвярах, якія асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін. Пяць фрэсак выканаў мастак Уладзімір Кандрусевіч, яшчэ тры – Валер’ян Янушкевіч.


Апякун парафіі – Святы Андрэй Баболя.

Парафіяльны адпуст – 16 мая.