Сакрамэнт канфірмацыі

(Бежмаванне)
У Дзеях Апосталаў чытаем: “Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога” (Дз 8, 14-17).

Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на Апосталаў. Праз гэты дар Духа Святога вернікі яшчэ больш упадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб складаць Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові. “Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму” (Рым 8,9).

Чалавек з’яўляецца хрысціянінам у такой ступені, у якой удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі ён, як і Езус Хрыстус, ёсць намашчаны Духам Святым – Духам праўды і любові, Духам мужнасці для сведчання, Духам адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце. Праз сакрамэнт канфірмацыі хрысціянін атрымлівае незнішчальны знак вызнаўцы Хрыста, таму гэты сакрамэнт не паўтараецца.

Кожны ахрышчаны можа і павінен прыняць сакрамэнт канфірмацыі. Бацькі павінны клапаціцца аб падрыхтоўцы дзяцей да сакрамэнтальнага жыцця праз фармаванне і паступовае ўмацаванне ў іх духа веры, а таксама праз непасрэдную падрыхтоўку да годнага прыняцця канфірмацыі і Эўхарыстыі.

Пры канфірмацыі павінен быць так званы сведка, выбраны кандыдатам да бежмавання або яго роднымі. Сведка павінен вызначацца прыкладным хрысціянскім жыццём. Сведкамі могуць быць хросныя і нават родныя бацькі кандыдата да бежмавання.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1285 – 1321
Кодэкс кананічнага права: 879 – 896
Падрыхтоўка да сакрамэнту канфірмацыі ў нашай парафіі адбываецца наступным чынам:
1
Катэхэзы для моладзі (7 – 8 классы і старэйшыя) на працягу навучальнага года (другая палова верасня – май). Запісацца на заняткі можна ў сястры Галіны.
2
Падрыхтоўка для дарослых (у гэтым годзе распачнецца ў лістападзе) распачынаецца па меры камплектавання групы. Жадаючым прыняць сакрамэнт бежмавання неабходна звярнуцца да ксяндза Алега.