Сакрамэнт Эўхарыстыі

(Святая Імша)
Падчас Апошняй Вячэры Езус сеў за стол разам са сваімі вучнямі, каб спажыць з імі Пасху, але не толькі на знак успаміну выхаду Ізраэля з егіпецкай няволі, але ўжо на знак успаміну таго, што павінна было хутка стацца: на памяць аб сваёй смерці і ўваскрасенні як вызваленні ўсяго чалавецтва з няволі граху і смерці. “Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець” (Лк 22, 15).

Езус павінен адысці з гэтага свету да Айца. Яго вучні і ўсе, хто дзякуючы іх слову будуць верыць у Яго, застаюцца тут, на зямлі. Таму Езус падае ім хлеб як сваё Цела, выдадзенае за іх, і віно як сваю Кроў, пралітую за іх, загадваючы сваім вучням у будучым рабіць тое самае на ўспамін пра Яго.

“Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”. І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім кажучы: “Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў”” (Мц 26, 26-28).

Гэтымі словамі Езус устанавіў Эўхарыстыю – Найсвяцейшы Сакрамэнт свайго Цела і сваёй Крыві. Абрадам гэтага сакрамэнту ёсць літургія святой Імшы, у часе якой пасля адпаведных слоў святара адбываецца перамяненне хлеба і віна ў сапраўднае Цела і сапраўдную Кроў Езуса Хрыста.

Так падчас кожнай святой Імшы ўзгадваецца і бяскроўным чынам здзяйсняецца Ахвяра Езуса Хрыста, складзеная за нас Богу на крыжы. Так сам Езус, прысутны ў Ахвяры святой Імшы, заступаецца за нас перад Богам Айцом, а ў Святой Камуніі становіцца для нас пасілкам. Памерлы і ўваскрослы Хрыстус яднаецца з намі, ўмацоўвае нас, лечыць, каб мы не паддаваліся спакусе, і робіць нас здольнымі да новага хвалебнага жыцця.


Гэтаксама, як хрост, Эўхарыстыя з’яўляецца сакрамэнтам будавання Касцёла. Касцёл як супольнасць любові развіваецца і будецца ў залежнасці ад любові, якая існуе паміж вызнаўцамі Езуса. Таму святы Ян Евангеліст апісвае Апошнюю Вячэру як вячэру любові. Ён пачынае са сцвярджэння, што Езус, “палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1) і таму як запавет даў нам сваю новую запаведзь, каб мы любілі адзін аднаго, як Ён палюбіў нас (пар. Ян 13, 34).

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1322 – 1419
Кодэкс кананічнага права: 897 – 958
Падрыхтоўка да сакрамэнту Першай Камуніі ў нашай парафіі адбываецца наступным чынам:
1
Дзеці да Першай Камуніі рыхтуюцца праз удзел у катэхэзах. Заняткі распачынаюцца штогод у верасні і адбываюцца згодна з раскладам. Запісацца можна ў сястры Галіны.
2
Дарослым, якія жадаюць першы раз прыступіць да Камуніі, неабходна звярнуцца да святара. Святар дапаможа належным чынам падрыхтавацца да сакрамэнту Эўхарыстыі ў індывідуальным парадку.