Сакрамэнт пасвячэння
(Святарства)
Праз сакрамэнт святарства некаторыя хрысціяне ў імя Хрыста ўстанаўліваюцца святымі распарадчыкамі і атрымліваюць дар Духа Святога, каб умацоўваць Касцёл словам і Божай ласкай. Пан Езус, якога “Айцец асвяціў і паслаў у свет” (Ян 10,36), зрабіў наступнікаў Апосталаў, гэта значыць біскупаў, удзельнікамі свайго пасвячэння і місіі. Яны ў сваю чаргу правамоцным чынам і ў рознай ступені перадалі заданні свайго стану іншым асобам у Касцёле. Такім чынам, устаноўленае Богам кіраванне ў Касцёле, ажыццяўляецца на розных ступенях пасвячэння тымі, каго ад старажытнасці называюць біскупамі, прэзбітарамі і дыяканамі (Рымскі пантыфікал).

Біскупы, “пазначаныя паўнатою сакрамэнту пасвячэння”, праз Духа Святога, які быў дадзены ім падчас ускладання рук, “сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, святарамі і пастырамі” і, як такія, яны ўвасабляюць сабой Хрыста, стаяць на чале аўчарні Пана.

Прэзбітары, хоць і не маюць паўнаты святарства і ў выкананні сваёй улады залежаць ад біскупаў, звязаныя з імі святарскай годнасцю і на моцы сакрамэнту святарства, падобна Хрысту, найвышэйшаму і вечнаму Святару, пасвячаюцца, каб абвяшчаць Евангелле, быць пастырамі верных і спаўняць Божы культ як сапраўдныя святары Новага Запавету.

На дыяканаў ускладаюцца рукі не для святарства, а для служэння. Умацаваныя сакрамэнтальнаю ласкаю, у літургічнай паслузе слова і любові яны служаць Божаму народу ў еднасці з біскупам і яго прэзбітарамі.
Калі вы адчуваеце ў сабе пакліканне да святарскага ці манасскага жыцця - падыдзіце на асабістую размову да святара. Ён дапаможа і падкажа магчымыя варыянты распазнання і рэалізацыі паклікання.