Сакрамэнт сужэнства
Сужэнства і Сям’я - гэта хатні Касцёл… Касцёл не як будынак, не як установа, але як жывая супольнасць. Ва ўлонні сям'і чалавек нараджаецца і ўзрастае ў веры, вучыцца адкрываць і любіць Бога. Сужэнства адносіцца да найбольш важных каштоўнасцяў чалавецтва. Хрысціянін павінен памятаць, што сам Бог устанавіў сужэнства, ствараючы мужчыну і жанчыну на свой вобраз і падабенства (пар. Быц 1, 27). Бог ёсць любоў (пар. 1 Ян 4, 8. 16). З гэтага вынікае, што любоў з’яўляецца фундаментальным і самым істотным пакліканнем кожнай асобы. Гарманічную любоў паміж мужчынам і жанчынай, якую задумаў Бог, сапсаваў грэх. Аднак Бог праз свайго Сына Езуса Хрыста ўзвысіў адвечны інстытут сужэнства да годнасці сакрамэнту. Сужэнства і сям’я выступаюць як збаўчая рэчаіснасць, у якой прысутнічае Хрыстус. Моцаю Духа Святога Ён асвячае сужэнцаў і іх нашчадкаў.

Сакрамэнтальнае сужэнства – гэта супольнасць жыцця і любові, якая ўзнікае праз сужэнскі саюз, гэта значыць праз неадменную згоду сужэнцаў, у якой яны свабодна аддаюць і прымаюць узаемна адно аднаго.

“У гэтым сакрамэнце хрысціянскія сужэнцы выяўляюць таямніцу еднасці і плоднай любові Хрыста і Касцёла і ўдзельнічаюць у ёй. Таму ў сужэнскім жыцці, у прыняцці і выхаванні патомства яны дапамагаюць адно аднаму ісці да святасці і маюць сваё месца і свой асаблівы дар у народзе Божым” (Парадак цэлебрацыі сужэнства).

Асобы, якія хочуць заключыць сужэнскі саюз, павінны памятаць, што сужэнства, заключанае ў Касцёле, з’яўляецца непарыўным. Тыя, хто заключае сужэнства, павінны быць у стане асвячальнай ласкі, гэта значыць пасля споведзі і Святой Камуніі.

Сужэнская любоў праяўляецца ў любові, павазе, клопаце пра матэрыяльны дабрабыт, пра здароўе цела і душы ў сумесным сужэнскім жыцці.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1601 – 1666
Кодэкс кананічнага права: 1055 – 1165
Перад прыняццем сакрамэнту сужэнства ў нашай парафіі асобы, якія хочуць заключыць сужэнскі саюз, павінны загадзя звярнуцца да святара і прайсці падрыхтоўку. Падрыхтоўка адбываецца на працягу 10 сустрэч (адна сустрэча на тыдзень) і займае прыкладна 2-3 месяцы.