Святы Андрэй Баболя - хто ён?

Гісторыя жыцця, мучаніцтва і кананізацыі
Імя Андрэй вельмі папулярнае ва ўсім хрысціянскім свеце. Яно паходзіць ад грэцкага слова ανέρ, ανδρος, што азначае “мужчына”, або ανδρειος – “мужчынскі, мужны”. Гэтае імя цудоўна характарызуе асобу святога Андрэя Баболі – святара і мучаніка, у чыім жыцці яркім святлом заззяла “каталіцкая вера, сіла якой, падмацаваная Божаю ласкаю, з цягам гадоў вырасла настолькі, што стала яго характэрнаю рысаю і нопоўніла яго мужнасцю аж да мучаніцкай смерці” (Пій ХІІ, InvictiathletaeChristi).

Андрэй Баболя нарадзіўся 30 лістапада 1591 года ў шляхецкай сям’і. Не захавалася дакладных звестак пра месца яго нараджэння. Акрамя ваколіц Сандаміра (Польшча), сярод магчымых мейсцаў нараджэння называюць Пінск, Вільню, Пултуск у Мазовіі. У другой палове ХХ стагоддзя асноўнай версіяй стала лічыцца тая, паводле якой святы нарадзіўся ў Страхаціне, непадалёк ад Санака (польскае Прыкарпацце). Невядома таксама, як прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Можна толькі здагадвацца, што сям’я Баболяў вылучалася асаблівай рэлігійнасцю і вернасцю каталіцтву, і гэта вырашальным чынам паўплывала на духоўнае станаўленне Андрэя.

У адной з езуіцкіх школаў, хутчэй за ўсё, у Вільні, Андрэй прайшоў пачатковы і сярэдні курс гуманітарных навукаў і рыторыкі, дзякуючы чаму авалодаў мастацтвам красамоўства і вывучыў грэцкую мову. Гэта дало яму магчымасць пазнаёміцца з творамі грэцкіх айцоў Касцёла і весці багаслоўскую палеміку з праваслаўнымі тэолагамі.

31 ліпеня 1611 года Андрэй Баболя ўступіў у Таварыства Езуса (ордэн езуітаў) і пасля двух гадоў навіцыяту даў першыя манаскія абяцанні ў Вільні. Потым ён вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі. Закончыўшы яе з добрымі вынікамі, ён атрымаў прызначэнне на педагагічную працу ў адным з калегіумаў. На працягу двух гадоў ён займаўся навучаннем моладзі ў Браневе і Пултуску (Паўночная і Цэнтральная Польшча), пасля чаго вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў навучанне ў акадэміі.

Святарскае пасвячэнне Андрэй Баболя прыняў 12 сакавіка 1622 года. У той самы дзень у Рыме былі ўрачыста кананізаваныя некалькі вялікіх святых, у тым ліку Ігнацый Лаёла – заснавальнік Таварыства Езуса. Апошні этап у манаскай падрыхтоўцы, які ў езуітаў называецца “трэццім навіцыятам”, малады святар праходзіў у Нясвіжы.

Пра тое, якіх сур’ёзных высілкаў каштавала праца над сабою энэргічнаму і вельмі моцнаму фізычна маладому чалавеку, – а менавіта такім быў Андрэй, – можна меркаваць па заўвагах ягоных духоўных кіраўнікоў. Акрамя станоўчых рысаў, яны адзначалі ў ім і недахопы, такія як парывістасць, нецярплівасць, няўменне панаваць над эмоцыямі.

У Нясвіжы праявіліся місіянерскія здольнасці Андрэя Баболі, які вёў самаадданую місіянерскую працу ў асяроддзі простага народа. 22 ліпеня 1623 года ён са станоўчымі вынікамі завяршыў трэці навіцыятті быў гатовы да выканання любога апостальскага задання.

Першы год свайго служэння айцец Андрэй правёў таксама ў Нясвіжы ў якасці рэктара тамтэйшага езуіцкага касцёла і рэктара бурсы – вучэльні для беднай моладзі. Але паколькі раней Баболя праявіў сябе як палымяны прапаведнік і самаадданы місіянер, яго пераводзяць у Вільню, дзе на працягу шасці гадоў ён працуе ў езуіцкім касцёле святога Казіміра. 2 чэрвеня 1630 года ў Вільні Андрэй Баболя ўрачыста даў чацвёртае абяцанне асаблівай паслухмянасці Святому Айцу. Гэтае абяцанне акрамя трох агульных для ўсіх манахаў абяцанняў убоства, чыстасці і паслухмянасці даюць толькі езуіты.

Амаль адразу пасля гэтага айцец Андрэй быў скіраваны ў Бабруйск, дзе тады толькі-толькі з’явіўся невялічкі парафіяльны касцёл і пры ім законны дом. Стаўшы яго першым настаяцелем, Баболя адразу ж распачаў евангелізацыю мясцовага насельніцтва.

Акрамя Бабруйска, Андрэю Баболю даводзілася працаваць у Плоцку (Цэнтральная Польшча), Варшаве, Ломжы (на паўночным усходзе Польшчы), Вільні, Пінску і зноў у Вільні. Часцей за ўсё ён выконваў абавязкі кіраўніка ў калегіумах. Акрамя таго, ён быў кансультарам настаяцеляў і каардынатарам марыінскіх таварыстваў. Паўсюль, дзе ён працаваў, яго ведалі як натхнёнага, тэмпераментнага прапаведніка, які вывеў на добры шлях не адну заблукалую авечку. За гэта яго нават празвалі “душахватам”.
Улетку 1652 года Андрэй Баболя другі раз прыехаў у Пінск, дзе, не лічачы кароткіх перапынкаў, павінен быў застацца ўжо назаўжды. Час, у які яму давялося працаваць на Палессі, быў вельмі неспакойным. Бясконцыя войны з Расіяй і Швецыяй, узброеныя канфлікты з казакамі і татарамі раздзіралі краіну і спусташалі вялікія тэрыторыі. У маі 1657 года Пінск быў заняты казацкімі атрадамі пад кіраўніцтвам Яна Ліхога. Найбольшая небяспека навісла над айцамі езуітамі Сымонам Мафонам і Андрэем Баболем, якія былі вымушаны ратавацца ўцёкамі, каб пазбегнуць помсты з боку тых, хто быў незадаволены іх месіянерскаю дзейнасцю.

15 мая каля Гарадца, што на Піншчыне, казакі схапілі айца Сымона Мафона і пасля нялюдзкіх здзекаў забілі. Андрэй Баболя вырушыў у Янаў Палескі (цяпер Іванава), які знаходзіцца ў 30 км ад Пінска, а адтуль у сераду 16 мая скіраваўся ў вёску Перадзел. Казакі тым часам дасягнулі Янава, дзе пазабівалі ўсіх католікаў і юдэяў. Даведаўшыся, што езуіт, якога яны шукалі, нядаўна быў тут, яны кінуліся ў пагоню. Па дарозе добразычлівыя людзі пазычылі айцу Андрэю воз, каб ён мог уратавацца ад пераследнікаў, але каля вёскі Магільна яго ўсё ж такі схапілі.

Казакі пачалі па-свойму “навяртаць” Баболю. Напачатку з яго сарвалі святарскае адзенне і, прывязаўшы да слупа, моцна збілі нагайкамі, прымушаючы адрачыся ад сваёй вер. Калі святар рашуча адмовіўся, яму на галаву ўздзелі вянок, сплецены з лазы на ўзор цярновага вянка Хрыста, і скручвалі яго такім чынам, каб ён як мага больш балюча сціскаў галаву, але пры гэтым не зламаў чэрап. Потым айцу Андрэю павыбівалі зубы, б’ючы яго кулакамі па твары, павыдзіралі пазногці, садралі скуру з пляча. Пасля ўсіх гэтых катаванняў ахвяру адвязалі, скруцілі вяроўкаю. Прывязалі да коняў і цягнулі па дарозе, колючы дзідамі і б’ючы нагайкамі. Так дабраліся да Янава. Тут святара прывялі да атамана,які зноў запатрабаваў ад яго адрачыся ад веры, але айцец Андрэй заставаўся непахісным. Раз’юшаны цвёрдасцю Баболі, атаман секануў яго шашкаю, але айцец Андрэй паспеў захінуцца ад удару рукою і застаўся пакуль што жывы.

Пасля гэтага знявечанага святара зацягнулі ў адрыну, што выкарыстоўвалася як мясцовая бойня, дзе яго паклалі на стол і пачалі прыпальваць цела агнём. Потым каты выразалі яму на галаве танзуру, садраўшы скальп, а таксама выразалі скуру на спіне ў форме арнату, пасыпаючы раны сечкаю. Не здаволіўшыся гэтым, яны адрэзалі сваёй ахвяры нос і вусны, выбілі правае вока. Каб суняць айца Андрэя, які не пераставаў голасна ўсклікаць да Хрыста, яму, разрэзаўшы нажом карак, выразалі язык. Пасля ўсіх гэтых здзекаў яшчэ жывога святара за ногі падвесілі да бэлькі і праз нейкі час дабілі ўдарамі шашкі. Гэта адбылося 16 мая 1657 года.
Неўзабаве Янаў быў заняты войскамі караля, і казакі, паспешна ўцякаючы, не паспелі схаваць сляды свайго злачынства. Спачатку знявечанае цела мучаніка было перанесена ў мясцовы касцёл, адкуль яго забралі пінскія езуіты. Каб не шакіраваць навучэнцаў калегіума жахлівым відовішчам, вечка труны было адразу ж прыбіта цвікамі. Цела Андрэя Баболі было пахавана ў крыпце касцёла пры пінскім кляштары езуітаў.

Мінулі гады, і пра месца пахавання мучаніка за веру забыліся. Але 16 мая 1702 года Андрэй Баболя сам з’явіўся ў сне рэктару пінскага езуіцкага калегіума айцу Марціну Гадэбскаму і паказаў яму месца пахавання ў крыпце, акурат пад галоўным алтаром. Калі труну адчынілі, цела ў ёй не было закранута тленнем, нягледзячы на тое, што шмат гадоў праляжала ў сырым сутарэнні. Вестка пра гэты цуд абляцела ўсё Палессе, і ў Пінск пачалі прыбываць пілігрымы, каб перад труною мучаніка прасіць у Бога патрэбных ласкаў.

Калі сталі адбывацца новыя цуды, учыненыя Богам праз заступніцтва Андрэя Баболі, а іх колькасць няўхільна павялічвалася, быў распачаты беатыфікацыйны працэс. Аднак скасаванне ордэна езуітаў, войны і падзелы Рэчы Паспалітай доўгі час перашкаджалі яго правядзенню. І толькі 30 кастрычніка 1853 года Папа Пій ІХ на радасць шматлікім вернікам абвясціў Андрэя Боболю благаслаўлёным. Кананізацыя апостала Палесся, якую здзейсніў Папа Пій ХІ, адбылася 17 красавіка 1938 года ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана. З нагоды 300-годдзя мучаніцкай смерці Андрэя Баболі ў 1957 годзе Папа Пій ХІІ абвясціў энцыкліку Invicti athletae Christi (“Непераможны змагар Хрыстовы”), прысвечаную мужнаму вызнаўцу веры.
З-за драматычных гістарычных падзеяў, якія адбываліся на Беларусі, складаны лёс быў і ў рэліквій мучаніка. На пачатку ХІХ ст. яны былі перавезены з Пінска ў Полацк, дзе захоўваліся да 1922 года, калі прадстаўнікі бязбожных савецкіх уладаў забралі іх у Маскву, каб там выставіць як экспанат у гігіенічным музеі.

У тым жа годзе ў Савецкім Саюзе здарыўся моцны голад. Святы Айцец Пій ХІ даслаў галадаючым людзям значную харчовую дапамогу. У адказ на гэта, як жэст удзячнасці савецкія ўлады вырашылі вярнуць Касцёлу рэліквіі мучаніка, і ў 1923 годзе яны былі прывезены ў Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі ў 1938 годзе яго рэліквіі перавезлі ў Варшаву, дзе яны да сённяшняга дня спачываюць у езуіцкім санктуарыі.
Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінская дыяцэзіі, а таксама Польшчы і шэрагу польскіх дыяцэзій. Ён таксама лічыцца нябесным патронам чыгуначнікаў.

У іканаграфіі яго часцей за ўсё малююць як святара ў малітоўнай паставе або як вандроўніка, з узнятымі да неба вачыма, апранутага ў езуіцкую сутану, часам з рукою і шыяй, пасечанымі шаблямі.