Сакрамэнт пакаяння і паяднання

(Споведзь)
“Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай Міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненай Богу, і адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану і які любоўю, прыкладам і малітваю спрыяе іх навяртанню” (Дагматычная канстытуцыя аб Касцёле Lumengentium,11)

Усе людзі, у тым ліку і хрысціяне, грашаць і маюць праз гэта пачуццё віны, бо нават пасля святога хросту чалавеку цяжка засцерагчыся ад маральнага зла: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды”
(1Ян, 1, 8).

Як перамагчы зло, калі яно нас апанавала? Як вярнуць страчаную сувязь з Богам і з Касцёлам? Вось жа Езус Хрыстус – “ахвяра ўміласціўлення за нашы грахі” (1Ян 2, 2) – прабачае нам правіны ва ўстаноўленным Ім самім сакрамэнце пакаяння. “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца”, сказаў Езус Апосталам і іх наступнікам
(Ян 20, 22-23).

З волі Хрыста словы адпушчэння грахоў прамаўляе ў канфесіянале святар: менавіта там адбываецца сустрэча грэшнага чалавека з Хрыстом, які прабачае і які жыве ў Касцёле. Для адпушчэння грахоў і паяднання з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння патрэбны пяць умоваў (рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь і выкананне прызначанай пакуты). Аднак найважнейшыя і асноўныя ўмовы атрымання гэтай ласкі – гэта вера і любоў да Хрыста ў спалучэнні са шкадаваннем за грахі і пастанаўленнем навяртання да Бога.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: 1420 – 1498
Кодэкс кананічнага права: 959 – 997
Падрыхтоўка да сакрамэнту першай споведзі ў нашай парафіі адбываецца наступным чынам:
1
Дзеці да першай споведзі рыхтуюцца праз удзел у катэхэзах. Заняткі распачынаюцца штогод у верасні і адбываюцца згодна з раскладам. Запісацца можна ў сястры Галіны.
2
Дарослым, якія жадаюць першы раз прыступіць да споведзі, неабходна звярнуцца да святара. Святар дапаможа належным чынам падрыхтавацца да сакрамэнту пакаяння ў індывідуальным парадку.